МІКАЛА́Й МІКАЛА́ЕВІЧ Малодшы
(18.11.1856, Пецярбург — 5.1.1929),
расійскі вял. князь, военачальнік. Ген.-ад’ютант (1894), ген. ад кавалерыі (1901). З дынастыі Раманавых. Сын Мікалая Мікалаевіча Старэйшага. Скончыў Мікалаеўскае інж. вучылішча (1873) і Акадэмію Генштаба (1876). У рус.-тур. вайну 1877—78 знаходзіўся для асобых даручэнняў пры сваім бацьку — галоўнакамандуючым, пазней камандаваў палком, брыгадай і кав. дывізіяй. З 1895 ген.-інспектар кавалерыі. У 1905—14 каманд. войскамі гвардыі і Пецярбургскай ваен. акругі, адначасова (1905—08) старшыня Савета дзярж. абароны. У 1-ю сусв. вайну з 2.8.1914 да 5.9.1915 вярх. галоўнакаманд. ўзбр. сіламі Расіі (яго стаўка была спачатку ў Баранавічах, а з 21.8.1915 у Магілёве), са жн. 1915 галоўнакаманд. войскамі Каўк. фронту. 15.3.1917 прызначаны Мікалаем II, які адрокся ад прастола, вярх. галоўнакаманд., але пад націскам Часовага ўрада і Саветаў адмовіўся ад пасады. З сак. 1919 у эміграцыі, частка рас. эмігрантаў лічыла яго прэтэндэнтам на рас. прастол.
т. 10, с. 351
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)